«ПРАЦО́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ»,

шматмэтавы спартыўны комплекс у Мінску. Пабудаваны ў 1989 (арх. Л.​Левін, В.​Звалінскі) у мікрараёне Зялёны Луг 5. Размешчаны на свабоднай тэрыторыі, каля ляснога масіву і вадаёма. Самы буйны спарт. аб’ект у горадзе. Складаецца з 3 функцыянальна самаст., кампазіцыйна і канструкцыйна звязаных паміж сабой аб’ёмаў, падпарадкаваных адзінай арх. задуме. Уключае крыты лёгкаатлетычны манеж (136 × 62 м) з 200-метровай кругавой бегавой дарожкай і з трыбунамі для гледачоў, 2 плавальныя басейны, вял. універсальную залу (42 × 30 м), спецыялізаваныя спарт. залы, дапаможныя тэхн. памяшканні. У канструкцыі перакрыцця выкарыстаны клеедраўляныя аркі манежа пралётам 50 м і універсальнай залы пралётам 42 м.

С.​Дз.​Філімонаў.

Спартыўны комплекс «Працоўныя рэзервы».

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)